Усевалад Сцебурака

Хацелі быць трэцім рымам, а сталі чацьвёртым рэйхам. жыцьцё праляцела міма з шалёным сабачым брэхам.

Хацелі мацней у балеце, хацелі сады на марсе, Гагарын ляцеў на ракеце... Усё зьнікла ў крывавым фарсе.

І зноўку пад кірзавым ботам зямля захлынецца ад болю. І ўсё адкладзецца на потым і не надыйдзе ніколі...

Мне падаецца - далёка баі так што ў бяспецы мае краі. Мне падаецца - за лесам вайна і не зачэпіць майго майна.

Цягнуць ахвяр да расстрэльнай сцяны - грэху няма тут майго і віны. Не пераймайся, спакойна жыві! Скуль жа на твары пырскі крыві?

Я не прымаю ўдзелу ў вайне Вайна прымае ўдзел у ва мне...

Як ліст з мінулага жыцьця - узгадка з памяці шуфляды. І нібы ёй зусім ня рады. Зусім ня рады, а хаця... Я рады ёй! І ёй багаты! Адпраўнікам і адрасатам усім - з мінулага жыцьця. Нічога там - усё паўсядзённа, звычайна, проста і будзёна. Ды толькі ў променях сьвятла... Таго сьвятла, што застаецца, калі зьнікае ўсё, здаецца, калі вакол пануе імгла. І я саджуся і пішу, і зноў такіх лістоў чакаю. Няхай у будучым ўсплывае, Што сёньня у грудзёх нашу.

Калі па нас заплачуць ліпы ў прысадах і доўгі цень на наш ўкладзецца шлях тут хутка расплануюць плац-парады на нашых неўпакоеных касьцях.

Нас не пакрыюць нашымі сьцягамі, нас адпяюць не нашы сьвятары. І толькі ветах узыйдзе над намі з-за вежы, што на замкавай гары.

І хай цяпер не наша перамога, ды нельга укладацца на спачын – мы да суда адпросімся ў Бога давесці да канца змагарны чын.

Дарэмна Пётр стаіць ля брамы ў Раі ніхто з нас не паверне й галавы. Мы застаемся прывідамі ў краі ў добраахвотных вечных вартавых.

І калі зноў падымуцца шыхтамі: паны, мяшчане, шляхта, мужыкі – апошні застанецца бой за намі як воля ў Айчыны на вякі!

Той трунак верасовы вядомы быў здаўна – ад мёда саладзейшы, п’янчэйшы ад віна. Майстры яго варылі, і потым той напой таіўся побач з імі у пячорах пад зямлёй. Прыйшоў кароль шатландскі, і палілася кроў – ён нішчыў племя піктаў, цкаваў, нібы звяроў. І па чырвоных ўзгор’ях пагоня гнала іх, пакуль не сціх апошні людзей маленькіх уздых. Лета ізноў у краі, верас барвай гарыць. Ды толькі няма нікога, хто можа той мёд варыць. У магілах безыменных у мясцінах, дзе паляглі маленькія медавары ляжаць у сваёй зямлі. Па верасовай пустцы едзе кароль на кані, пчолы гудуць трывожна, плача кулон* ў вышыні. Едзе кароль, злуецца: хіба ўсё дарма? Над верасам я паную, а мёду з яго няма! І тут жа яго васалы, хто побач быў на кані, пільна ізноў абшукалі пусткі і камяні. Знайшлі яны двух апошніх, на чый патрапілі след, – пікт бацька і сын-падлетак выйшлі з пячоры на свет. Кароль паглядаў звысоку на гэтых дваіх на зямлі, а пікты зацята маўчалі пры свіце і каралі. Падводзяць малечу да прорвы, мора ўнізе шуміць: “Свабоду даруем за веды, як з верасу мёд варыць!” Спакойна стаялі абодва, стары пікт і пікт малы, верас гарэў на ўзгорках, унізе грымелі валы. І раптам прамовіў бацька і стала вакол цішэй: “Я маю сказаць два словы для каралеўскіх вушэй!” “Старэйшым жыццё дарагое – я кожную хвілю люблю і мёда сакрэт адкрыю!” – прызнаўся ён каралю. Голас яго то цішаў, то набіраў уздым: “Я навучу варыць вас, ды не пры сыне маім! Хлопцу жыцця не шкода і галавы на плячах… Але я страчу гонар цяпер у яго вачах.
Скіньце яго са стромы уніз, дзе шуміць прыбой. Слова сваё стрымаю – будзе ў вас напой!” Хлопца тады схапілі, рукі сцягнулі вузлом, уніз штурхнулі з абрыву у мора на згубу і злом. Мора накрыла хваляй, крык у глыбінях знік, і прагучалі словы, што мовіў апошні пікт. “Праўду тады сказаў вам: гарачы народ малады! Тым не стае загартоўкі, хто не галіў барады. А я не баюся пакутаў, не страшаць агонь і лёд. Няхай са мной памірае мой верасовы мёд!”

* Кулон – від птушак з сямейства бакасавых.

(Пераклад з англійскай “Heather Ale” by Robert Louis Stevenson)

А сьнег ідзе, а сьнег ідзе, І сьвет аціх у яго хадзе Пад гэты сьнег, як лёгкі ўздых, хачу сказаць пры ўсіх: "Мой самы важны чалавек, зірні са мной на гэты сьнег. Ён ведае, пра што маўчу, пра што сказаць хачу". Каханьне гэта хто прынёс? Напэўна добры Дзед Мароз. Гляджу на сьнег я штозіму і дзякую яму. А сьнег ідзе, а сьнег ідзе. І белы сон у горадзе. За тое, што быць разам кон мой сьнег, табе паклон.

(пераклад з рускай Я. Еўтушэнкі).

унутранай эміграцыі прысьвячаецца

У каралеўстве бардак - спрэс у скарб недаборы, б'е чума новым штамам, хоць выйшаў загад... А вясёлыя людзі застаюцца ў Шэрвудзе - цяжка трапіць у шэрвудцы - немагчыма назад. А кругом безмяжак! на турнірах - паразы, і суседзі ў змове - будуюць сцяну. А вясёлыя людзі застаюцца ў Шэрвудзе - каб сыйсці трэ прычыны, як найменей адну. Ды прычынаў няма - каралеўства ваюе. З ветракамі, з сумленьнем і супраць сябе... А вяселыя людзі застаюцца ў Шэрвудзе - і змаганьне стаміла, і страх не бярэ. А цямнее раней, і сьвітанак ідзе неахвотна, і падаўся народ у краіны, дзе неба чысьцей. А вясёлыя людзі паміраюць ў Шэрвудзе - на радзіме, гавораць, уваскрасаюць часьцей...

Нехта піша, што сьнег ідзе - я гляджу і не бачу дзе? Гэта попел свой грым кладзе. Ён на скронях і на вадзе. Нехта кажа - узяў мароз. Гэта жах што працяў наскрозь. Ён працяў, запаволіў рух, сэрцабіцьце і сілу рук. Нехта кажа - прыйшла зіма. Але й гэта кажуць дарма. Мы даўно нібы сьнежны ком і жывем як пад ледавіком...

Хто адшукае, хто пазнаходзіць сёньняшні час, што імкліва сыходзіць... Ці захавае час таямніцу, тую, што ў ночы бяссонныя сьніцца?.. Сьніцца цяпер нам з-за межаў, з-за кратаў, цьмяным набыткам і горкаю стратай. Час, у якім мы жывем і гарым, час, што зьнікае як водар, як дым. Дзе яго месца ў архіве стагодзьдзяў? Ці пажылі-патрывалі і годзе? Ці перакрочылі ці на мяжы? Ты адчуваеш? - Ты мне скажы.

Рабоў не чакаюць у раі Рабоў чакаюць пакуты. Не рабству той вас вучыў, хто быў да крыжа прыкуты.

Рабоў не ўшануюць у раі. У рабстве няма геройства. Там роспачы па краі і лёзы згрызотаў гойстрыя.

Рабоў не ўспомняць пасьля на трызьне ўзгадаюць сьмелых ім будзе лягчэй зямля ад пёраў анёльскіх белых.

Рабы не пакінуць сьлед на гэтых шляхах адвечных. Ім не адгукнецца сусьвет і зоры на шляху млечным.

Жоўты ліст адлятае не злавіць, не пасьпець. Зноў ідзе залатая штогадовая сьмерць.

У высокіх нябёсах уздыхнуць журавы. Крокі памяці босай не ідуць з галавы.

Хутка ў шыбы начныя хукне белым зіма. Толькі б ведаць, што гэта ўсё было не дарма...

Нідзе так Не стаіць Воз Як над закінутай хатай. Нідзе так Не сумуе Серп Як над полем не зжатым. Нідзе так не гарыць Маладзік Як у дзедавым садзе. Нідзе лепшага месца няма зорцы, калі яна ўпадзе. Паўсюль на гэтай адвечнай зямлі на ручніках сузор'і і ў полымі, кроплях, слядах на ральлі, ў марозным ачэзлым голлі.

Ціша стаіць ці б'юць званы праз балаты ці ўзгоркі на гэтым краем стаяць яны - Беларускія зоркі.

А гэта ячмень, што ляжыць у каморы Дому, ў якім гаспадарыць Джэк. А гэта пацук, ён скрозь доўгія норы цягае ячмень, што ляжыць у каморы Дому, ў якім гаспадарыць Джэк. А гэта той кот, ён ў добрым гуморы Бо з’еў пацука, што скрозь доўгія норы Цягае ячмень, што ляжыць у каморы Дому, ў якім гаспадарыць Джэк. А гэта сабака стары і суворы турбуе ката, што ў добрым гуморы, бо з’еў пацука, што скрозь доўгія норы цягаў той ячмень, што ляжыць ў каморы Дому, ў якім гаспадарыць Джэк А вось на падворку карова бяз рогу, якая баднула сабаку старога, які ўсё праз тое, што дужа суворы турбуе ката, што ў добрым гуморы бо з’еў пацука, што скрозь доўгія норы цягаў той ячмень, што ляжыць у каморы Дому, ў якім гаспадарыць Джэк. А вось ахмістрыня характару злога што доіць увішна бяз рога карову, якая баднула сабаку старога, які ўсё праз тое, што дужа суворы, турбуе ката, што ў добрым гуморы, бо з’еў пацука, што скрозь доўгія норы цягаў той ячмень, што ляжыць у каморы Дому, ў якім гаспадарыць Джэк. А гэта ў рызьзі абарваным нябога ушчыкнуў ахмістрыню характару злога, што доіць увішна бяз рога карову, якая баднула сабаку старога, які ўсё праз тое, што дужа суворы, турбуе ката, што ў добрым гуморы бо з’еў пацука, што скрозь доўгія норы цягаў той ячмень, што ляжыць у каморы Дому, ў якім гаспадарыць Джэк. А гэта сьвятар, той што воляю Бога у шлюбе злучыў ахмістрыню й нябогу, які не збаяўся характару злога паненкі, што доіць увішна карову бяз рога якая баднула сабаку старога, які ўсё праз тое, што дужа суворы, турбуе ката, што ў добрым гуморы, бо з’еў пацука, што скрозь доўгія норы цягаў той ячмень, што ляжыць у каморы Дому, ў якім гаспадарыць Джэк. А гэта той певень, што крыкам са стога падняў сьвятара, які воляю Бога у шлюбе злучыў ахмістрыню й нябогу, які не збаяўся характару злога паненкі што доіць увішна карову бяз рога, якая баднула сабаку старога, які ўсё праз тое, што дужа суворы турбуе ката, што ў добрым гуморы, бо з’еў пацука, што скрозь доўгія норы цягаў той ячмень, што ляжыць у каморы Дому, ў якім гаспадарыць Джэк. А вось селянін на падворку якога, жыве гэты певень, што крыкам са стога падняў сьвятара, які воляю Бога у шлюбе злучыў ахмістрыню й нябогу, які не збаяўся характару злога паненкі што доіць увішна карову бяз рога, якая баднула сабаку старога, які ўсё праз тое, што дужа суворы турбуе ката, што ў добрым гуморы бо з’еў пацука, што скрозь доўгія норы цягаў той ячмень, што ляжыць у каморы Дому, ў якім гаспадарыць Джэк.

(пераклад з англійскай)

У мяне ёсьць сябра Пёс – вушы, лапы, мокры нос. Ён багата мае справаў – іх выконвае ўсур’ёз. Хвост трымціць напагатоў - трэба разганяць катоў. Задзіраць патрэбна лапу каля кожнага з платоў, корпацца ў лужынах, плаваць ў калюжынах. А яшчэ патрэба ёсьць назьбіраць дзядоў у поўсьць. на шматкі парваць паперку і за ўсё прасіць цукерку

Рыба пачынае з галавы. Рыбу пачынае з галавы кот Раб пачынаецца з галавы. Раба пачынае з галавы кат.

Вось і зноўку вясна. І праз тыдзень – Вялікдзень. Час мыць шыбы ў сваіх і бацькоўскіх хатах. Мы па розных шляхах да Адзінага прыйдзем, а пакуль што, па звычцы, ідзем брат на брата. Вось і зноўку вярба з каляроваю ніткай – пасьвянцаем і кінем у кут за абразам. У вечаровым сутоньні знаёмая плытка паўтарае матыў раз за разам. Вось і зноўку яна – невымоўная лёгкасьць, беларуская прага да забыцьця, безпадстаўных надзей незлічоная колькасьць, недажытых пачаткаў жыцьця.

дзеткам маіх сяброў

У сабачкі скочкі ў хаце - вось і ўсё яго багацьце.

А ў коціка - глісты. Хочаш? - Будзеш мець і ты!

І лішай ў абодвух ёсьць, і вывальваецца поўсьць...

Досыць жыць ім у двары - Усіх да хаты забяры.

Й не пытай парады ў таты - тата - добры, будзе рады!

Яна ведае мовы і моду, мае цверды жыцьцёвы план, і з усьмешкай ўкладае прыгоды ў наш сур’ёзны лірычны раман.

Яна любіць тэкілу “Альмеку” і кудлаціць мае валасы. Мы ляцім наўздагон яе сьмеху з разваротам праз дзьве паласы.

Яна можа ні чым не займацца - проста плакаць, ці проста сьпяваць, а ўвечары так затрымацца, што я двойчы стамлюся чакаць...

Ды калі, нібы на фотаздымках, загарнуўшыся ў мяккі плед, яна сьцішыцца... У абдымках мне падасцца – трымаю сьвет!

Давай падлічым pro et contra, сьвятло і цень. скрозь гук фінальнага акорда сцячэм сьлязой па джалу корда у ноч, у дзень…

Давай зусім без дэкарацый? Сектакль – удвох. Без воплескаў і без авацый, без бліскавіцаў папарацы Хай чуе Бог…

Давай пасьля забудзем словы вось так – знарок! Увесь сьвет маўчыць і адмыслова Жыцьце свае пачнем на нова і зробім крок!

Калі б імя тваё было малітвай, я стаў бы вернікам, якіх не адшукаць. Калі б яно было іржавай брытвай у руцэ трымаў бы, ўпэўнены стрываць.

Калі б імя тваё было канонам, я стаў бы тлумачальнікам яго. Калі б яно было па-за законам, усё роўна б ставіў праваруч свайго.

Калі б імя тваё паўстала вежай, я б быў падмуркам для яе сьцяны. Каб імені твайму паклон належыў, я тысячу разоў зрабіў зямны.

Заносячы каханую жанчыну у сьпіс дабранадзейных і сьвятых у яе ранейшых спраўдзіце мужчынаў як скарб такі не затрымаўся ў іх?

Як зерне ў Боскае сяўбе мы дзе расцем, дзе нікнем долу. І кожны піша без дазволу Евангеліе ад сябе...

Вершы нараджаюць у цішыні. Хай пасля чытаюць іх на пляцы. Музы патрабуюць ціхай працы,
вершы нараджаюць у цішыні. Ці ў полі голым, ці ў палацы, ці ў летуценнай вышыні. Вершы нараджаюць у цішыні. Хай пасля чытаюць іх на пляцы.

Мае вершы як сьмерці баяцца паперы. А здараецца часам, што нават мяне. Быццам плямаў крывавых на белай сьцяне мае вершы як сьмерці баяцца паперы. Нібы келіха тога, што не абміне, Як выпрабаванняў у веры...
Мае вершы як сьмерці баяцца паперы. А здараецца часам, што нават мяне.

У пяць гадзін раніцы ў пяць таксоўкі самотна стаяць, месьцічы ўсе яшчэ сьпяць у пяць гадзін раніцы ў пяць.

У пяць гадзін раніцы ў пяць шклом алкашы ня зьвіняць, дзеці макдональдсы сьняць У пяць гадзін раніцы ў пяць.

Хтосьці на працу ідзе, хтосьці ідзе ваяваць, хтосьці плыве па вадзе, хтосьці працягвае спаць...

У пяць гадзін раніцы ў пяць сонна ліхтарні гараць, рана судзіць і караць У пяць гадзін раніцы ў пяць.

У пяць гадзін раніцы ў пяць можна сабе дазваляць простыя рыфмы ствараць У пяць гадзін раніцы ў пяць.

Хтосьці на працу ідзе, хтосьці ідзе ваяваць, хтосьці няведама дзе толькі зьбіраецца спаць...

Вецер гуляе ў напарсткі кубачкамі з пластыку. Дрэвы запознена робяць ранішнюю гімнастыку. менск вяртаецца з Гораду з офісаў і заводаў, месціцца ля тэлевізараў у пошуках танных прыгодаў. Плавае флот недапалкаў у акваторыях лужын, хтосьці гатуе вячэру, большасць, напэўна, – ужын. Вочы вакон заплюшчваюць жалюзі ды фіранкі, бегаюць і страляюць у тэлевізары “янкі”. Дзень адлятае стары, дзень надыходзіць новы. Нехта шукае пары, нехта шчырай размовы. Дождж вышыня нараджае, цемра рыхтуе пасткі, блытае, перашкаджае ветру гуляць ў напарсткі.

У Менску вільготна і цёпла, у смузе патанаюць агні. Усё гэта фігня, безумоўна, галоўнае - ты пазвані.

Іду праз натоўп, бы праз мора - бясконцыя хвалі галоў. Са мной маё смешнае гора- нагоды няма для размоў.

На ходніку мокрае лісце, у лужыне пачак, як буй. Хоць гэта, напэўна, ня выйсце, усё ж такі – тэлефануй.

Калі ж зазьвініць у кішэні, здалёк, як праз метры вады... Як Фаўст аддам за імгненьне душу – толькі будзь гэта ты!

У цёплае кватэры, як у замкненай сферы анёлы і хімеры з пачварным хараством.

Не маюць мары меры Ды даць няможна веры, Што ты адчыніш дзьверы ў мой аціхлы дом.

Ляжыць кавалкам лета пажоўклая газэта. Цыгарка як камета з абгрызеным хвастом.

А з вонку ходзіць сцюжа, на шкле малюе ружы. І пэўна мерзне дужа мой казачны фантом.

Адсюль далёка недзе На полюсе мядзьведзі Варушаць ледзьве-ледзьве Сусьветны наш садом.

У цёмнае кватэры Як у жывым этэры Я Моцарт і Сальеры І вечар за вакном.

Калі памруць мае дзяды, з зямлі адыйдзе пакаленне, ў якога вырас на каленях, пакіне на крыжах каменных свае імёны і гады.

Калі памруць мае дзяды, у тое ж самае імгненьне ўключыцца адлік забвеньня, ці будзе мне ставаць цярпеньня ў адведкі езьдзіць на клады?

Калі памруць мае дзяды, адчуўшы сэнс у слове страта, заўважу як старэе тата, якой пустой здаецца хата бяз гукаў іхнае хады.

Калі памруць мае дзяды, мяне таксама стане меней, падоўжацца ад свечак цені і падмацуюцца сумненьні, ці я такі ўжо малады.

Мой сабака разумее беларускую... Ён сядае, лапу падае. З асаладой вантрабянку трускае і шануе месцы, што свае.

Ад усіх дзьвуногіх суайчыньнікаў ён адрозны з той адной прычыны, што і ў процьме неспрыяльных чыньнікаў ён адданы сукін сын сваёй Айчыны!

“Сёньня ня мой дзень” – тахкае глуха сэрца. Сёньня ня мой дзень – слота на вуліцы зноў. Сёньня ня мой дзень вы ужо мне паверце. Белы такі дзень з чорных такіх сноў.

Сёньня ня мой дзень – рукі дрыжаць над паперай. “Сёньня ня мой дзень” - у скронях пульсуе кроў. Сёньня ня мой дзень - вецер смугою шэрай рве на шматкі вясёлку з ўчорашніх каляроў.

Сёньня ня мой дзень як тэстамент у капэрце. Сёньня ня мой дзень – скуль толькі ўзяўся ён? Сёньня ня мой дзень! Як бы ў яго не памерці. У самы ня мой дзень З усіх не маіх дзён…

Медыкам сьняцца шпрыцы і халаты, сьняцца ахоўнікам зона і краты, курыцы сьніцца яе кураня мне трэцьцю сьніцца толькі херня.

Сьняцца электрыку "фаза" і "нуль", хлопцам рэальным сьніцца нармуль, лузерам сьняцца аблом і паразы. Мне ў мае сны лезе толькі зараза.

Рэсьлерам сьняцца партэр і залом, сьняцца габрэям маца і "шалом", сьніцца калгасьніку суперлато. Мне як звычайна - зноў абы што.

Сьніцца акуле аквалангіст, неадапісаны палкоўніку ліст, сьніцца мічурынцам хрэн на сасьне. Што мне пабачыцца сёньня ў сьне?

Мне сьняцца сны... я сьнюся снам. Праз сіта дзён нас лёс цярушыць. Але стаю - мяне ня зрушыць да часу, калі рушу сам.

Смуга хавае далягляд ды я упарта спадзяюся - адчушы, што ідзем назад павернем усё ж да Беларусі

Бог мой, які на нацельным крыжы, шчыра скажы, крыж хоць сьцямнеў ад грахоў і ілыжы, а без іржы...?

Калі я тоўк сябе ў грудзі знарок рваў ланцужок?

Калі я ўперад бягу то чаму ты на сьпіне? А калі ложак кладуся то ты - першы на прасьціне?

А з-за кашулі табе ўсё відаць ці расшпіліць?

Ці гэта ты ў сэрцы маім, калі баліць?